пятница, 31 октября 2014 г.

Наконадні дня Святога Тадэвуша


                       Наконадні дня Святога Тадэвуша                                                                                







Наконадні дня Святога Тадэвуша ў сценах Менскага Палацу Мастацтваў адбылася прэзентацыя юбіленага нумару часопіса "Тэксты", які прысвечаны патрыёту нашай бацькаўшчаны Тадэвушу Рэйтану. Імя гэта яшчэ не на слыху, таму заля магла б умясціць і куды больш людзей. Але кожная такая імпрэза набліжае дзень, калі Рэйтан займе пачэснае месца ў пантэоне беларускай славы. Вельмі прыемна і тое, што менавіта нашчадкі ліцвінаў (сённяшнія беларусы) і землякоў Тадэвуша Рэйтана спрычыніліся да выдання, якое цалкам прысвечанае ягонай постаці. Гэта першы такога кшталту часопіс на былых абшарах Рэчы Паспалітай, што само па сабе ёсць знакавай падзеяй. Можна спадзявацца, што справа гэтая будзе развівацца й найдалей, і да яе далучуцца новыя аўтары і навукоўцы, бо лёс роду Рэйтанаў нясе ў сабе яшчэ шмат загадак. Дарэчы, трэба адзначыць, што сцены залі былі ўпрыгожаны выдатнымі суполнымі работамі мастакоў Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, выкананымі ў графічнай тэхніцы. Яны дазволілі наведнікам пагрузіцца ў тагачасную эпоху і прадставілі гледачам увесь гістарычны шлях роду Рэйтанаў.

Падзею распачаў перфоманс арганізатараў мерапрыемпства і "Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана" Змітра Юркевіча і Алеся Родзіна, пад акампанемент авангардных імправізацый калектыву Віктара Сямашкі. Пасля гэткага ўступу вядоўца запрашаў на сцэну і даваў слова тым, хто спрычыніўся да выхаду часопіса ў свет. Сярод іх галоўны рэдактар і выдавец альманаху "Тэксты" Зміцер Вішнёў, сцэнарыст Уладзімір Арлоў, краяўзнаўца Здзіслаў Сіцька, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, гісторык Вольга Гарбачова, гісторык і лацініст Алесь Жлутка і іншыя (я больш не памятаю). Кожны з іх падзяліўся сваімі думкамі наконт спадчыны Тадэвуша Рэйтана і яго лёсу, успамінамі, перспектывамі і кірункамі дзейнасці "Арт-суполкі", нехта зачытаў свае творы. У запале некаторыя аўтары перавышалі ліміт адведзенага часу, таму імпрэза зацягнулася крыху больш запланаванага.



Зьміцер Крымоўскі,
Тэхнік-асветнік,

Арт-суполка Імя Тадэвуша Рэйтана




четверг, 30 октября 2014 г.

Прэзентацыя рэйтанаўскага нумару "Тэксты" ў фотаздымках 27 Х 2104 г.

Фатаздымкі Кацярыны Маркевіч , аўтара дызайну ўсіх нашых апошніх афішаў.

Нажаль, пакуль не адшукалі фота з некаторымі выступоўцамі -
 Уладзімірам Арловым (Рэжысер, сцэнарыст) і інш.

Арганізатары мерапрыемства ад Арт-суполкі : Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін
суарганізатар ад выдавецтва "Галіяфы" - Зьміцер Вішнеў  (на гэтым фота ўжо ў залі)

Выдучы: Яўген Шунэйка, мастак, выкладчык БАМ

                             Здзіслаў Сіцька ураджэнец Рэйтанаўскіх мясцінаў пісьменнік, перакладчык, журналіст


Фёдар Чарняўскі    гісторык

                Іосіф Бацечка ураджэнец Рэйтанаўскіх мясцінаў, паэт, музыка

Юрась Барысевіч літаратар,мастак,  перформер



музыкі: Міхась "Фрыд Самотны" (саксафон) і Віктар Сямашка (фагот)

Вольга Гарбачова Дацэнт гістфака БДУ, кандыдат  гістарычных навук

Алесь Жлутка кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі , сябра арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

чытач

Уладзімір Варанец , супрацоўнік арганізацыі Белрэстаўрацыя , ураджэнец Рэйтанаўскіх мясцінаў, сябра арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

Ільля Сін літаратар, журналіст, перформер  сябра арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

Язэп Янушкевіч архівіст, гісторык ,літаратар

Альгерд Бахарэвіч  літаратар, перакладчык

Уладзімір Мароз  празаік, паэт, публіцыст, кiнарэжысёр


Адам Шостак  Паэт, мастак, сябра суполкі “яна тры ён”


Вуліца імя Тадэвуша Рэйтана ў Ляхавічах! Далучайцеся!

Менск падтрымаў, цяпер чарга за Ляхавічамі!!

http://www.lves.by/?p=20752

Ляхавічы, вул… Цікава ведаць думку жыхароў Ляхавіччыны






Капліца ў Грушаўцы


Часта людзі не задумваюцца, што ці хто стаіць за назвай вуліцы. Між іншым, гэта вельмі важнае пытанне, якое,  дарэчы, мае і выхаваўчае значэнне.
Родны, мілы сэрцу горад Ляхавічы. Запаветная наша зямля. Не перастаю захапляцца яе шматвекавым і гераічным мінулым. Праз стагоддзі захаваліся да сёння імёны звязаных з Ляхавіччынай магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага: Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў і нават вялікага князя Літоўскага і польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста, які атрымаў Ляхавічы ва ўласнасць пасля смерці сваёй жонкі Барбары Радзівіл. Гісторыя іх кахання чымсьці нагадвае гісторыю шэкспіраўскіх Рамэа і Джульеты.
А колькі дзеячаў культуры і палітыкі ў розны перыяд гісторыі нарадзілася ці жыло на гэтай зямлі. Напрыклад, наш зямляк Ф. Еўлашоўскі лічыцца аўтарам першых мемуараў на беларускай мове. А ў в. Флер’янава (Фларыянава) захавалася сядзіба Яна Атона Бохвіца, якую той назваў у гонар свайго бацькі Фларыяна Бохвіца – вядомага філосафа 19 стагоддзя, аўтара кніг “Сутнасць маёй думкі”, “Асновы маіх думак і пачуццяў”, “Думкі пра выхаванне чалавека”.
Шмат цікавага ў гістрачным плане звязана з былой сядзібай Рэйтанаў у в. Грушаўка. Час збярог не толькі сядзібны дом і стайні, узведзеныя апошнім уладаром сядзібы з роду Рэйтанаў – Юзафам Рэйтанам, але і будынкі, якія захаваліся ад першых уладальнікаў Грушаўкі.
Побач з сядзібным домам размяшчаецца так званая мураванка, дзе правёў апошнія гады жыцця знакаміты Тадэвуш Рэйтан. Ён быў абраны дэпутатам ад навагрудскай зямлі на Варшаўскі сейм 1773 года, які склікаўся ў мэтах легалізацыі і ўзгаднення першага падзелу Рэчы Паспалітай (унія Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага). Тадэвуш Рэйтан разам з паплечнікамі імкнуўся прадухіліць гэта. У гісторыі захаваліся яго словы: “Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!”, з якімі ён звяртаўся да ўдзельнікаў сейма. Але пераважыла думка прыхільнікаў падзелу Рэчы Паспалітай, і зломлены духам Тадэвуш вярнуўся ў сваю родавую сядзібу ў Грушаўцы. Апошнія гады жыцця ён правёў адасоблена ад людзей і грамадства – у мураванцы, дзе знаходзіўся сямейны архіў Рэйтанаў.
Гэтыя і іншыя падзеі – частка гісторыі ляхавіцкай зямлі. Старонкі мінулага занатаваны ў друкаваных кнігах (“Памяць”, “Ляховичи: из прошлого в будущее”), буклетах, якія знаёмяць чытача з гісторыяй раёна і яго гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
Гучаць імёны вядомых гістарычных асоб, славутых землякоў і ў назвах вуліц і завулкаў райцэнтра. Пройдземся і занатуем у памяці. Вуліцы названы ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай: Дзесюкевіча, Арлоўскага, Равінскага, Астапава; вялікіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Пушкіна, Горкага; дзеячаў мастацтва – Цітовіча, Пташука, завулкі Лермантава, Еўлашоўскага…
Крочым далей па вуліцах Юбілейная, Заходняя, Інтэрнацыянальная, Пясочная, Будаўнікоў, Кальцавая…Што за гэтымі назвамі? У кожнага сваё тлумачэнне. Нехта лічыць мэтазгодным даваць назвы вуліцам, не звязаныя з імёнамі людзей і гістарычнымі падзеямі. Іншыя маюць супрацьлеглы падыход: толькі гісторыя, толькі асобы.
Дарэчы, нядаўна з’явілася прапанова ад прыхільнікаў асобы Тадэвуша Рэйтана да 275-годдзя з дня яго нараджэння (2015 г.) ушанаваць яго імя ў назве адной з новых вуліц нашага райцэнтра. Наколькі яна прыйдзецца даспадобы ляхавічанам, мы і пастараемся высветліць.
Гэта прапанова абмяркоўвалася 26 верасня 2014 года на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў і выклікала супярэчлівыя меркаванні.
Між іншым, імя Тадэвуша Рэйтана ўзгадваецца ў школьным падручніку па гісторыі Беларусі, а ў Польшчы ён ушаноўваецца як нацыянальны герой.
У сувязі з прапановай цікава ведаць думку землякоў. Якія назвы вуліцам нашага роднага горада вы прапанавалі б і чаму? Ці мэтазгодна, на вашу думку, назваць адну з новых вуліц райцэнтра ў гонар Тадэвуша Рэйтана?
Свае абгрунтаваныя меркаванні накіроўвайце ў пісьмовай форме ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па адрасе: г. Ляхавічы, пл. Леніна, 3.
Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

среда, 29 октября 2014 г.

Рымкевіч пра Грушаўку . Рымкевіч пра Рэйтана..

Амаль два гады таму, калі планавалася стварэньне нашае суполкі, у Польшчы выйшла кніга вядомага польскага літаратара Я.Рымкевіча . Рымкевіч- гэта "літаратурны псеўданім" бацькі сп.Яраслава. Сапраўднае прозьвішча пісьменніка Рымкевіча - Шульц, а паходжанне нямецка-татарска-польскае. Кніга з'яўляецца завяршэннем трылогіі і мае назоў "Рэйтан.Заняпад Польшчы". Гэты твор выклікаў шэраг крытычных рэцэнзій, дзе аўтару закідалася , сярод іншага, здольнасць незаўважаць відавочнае - колькасць ступенек на драбіне, якую Напалеон Орда намаляваў на даху "Мураванкі" , насамрэч (!!) не 9, а большая .. і г.д. Ніхто з "рэцэнзентаў" не ўзяў на сябе грамадзянскай мужнасці пракаментаваць "пасаж", які мы публікуем. Атрымоўваецца так, што мара пра вяртаньне "земляў забраных", усё яшчэ грэе душы чытаючай публікі? А мы не такія ўжо гаспадары на сваёй зямлі і ужо зусім не гаспадары сваёй гісторыі і спадчыны?

Дык вось, спадар Шульц-Рымкевіч памыляецца. Менавіта жыхары вёсак Грушаўкі, Пашкоўцаў, Русінавічаў, Канюхоў, Патапавічаў, Мазуркоў, а разам з імі з г.Ляхавічы, Баранавічы, Менску, Ліды, Мазыра, Невеля і Вільні, Смаленску, Наваградка і Нясьвіжа, і усіх іншых нашых гарадоў і вёсак , маюць самае непасрэднае дачыненне да спадчыны Рэйтанаў, бо гэта НАША Гісторыі , таму гэта НАШ клопат!

вторник, 28 октября 2014 г.

День нараджэння Тадэвуша Рэйтана

Пра Юду Тадэвуша і Тадэвуша Рэйтана
Сёньня, 28 кастрычніка,свята Святога Юды Тадэвуша.
Св. апостал Юда, празваны Тадэвушам, што азначае «велікадушны», быў братам Якуба Меншага і сваяком Езуса Хрыста. Тадэвуш, як і яго браты, усім сэрцам адданы справе распаўсюджвання Евангелля, спадарожнічаў Збавіцелю падчас Яго апостальскай дзейнасці. Ён – аўтар Паслання, адной 
з кніг Новага Запавету. Згодна з традыцыяй, першапачаткова абвяшчаў Евангелле ў Месапатаміі. Пазней сустрэўся са св. Сымонам у Персіі, дзе яны разам прынялі мучаніцкую смерць.
Здавён сьв. Юду Тадэвуша ўшаноўваюць як апекуна ў безнадзейных справах. Папа Павал ІІІ у брэве 22 верасьня 1548 удзяліў поўны адпуст тым, хто чытацьме малітвы каля рэліквіяў Апостала ў дзень ягонага сьвята (28 кастрычніка).
Сымбалі сьвятога: рыбацкі човен, камяні, крыж, кніга, меч, сякера, булава ды кіі, якімі ён быў забіты.""
http://catholic.by/2/liturgy/pray/stblessed.html

На падставе сабраных фактаў, можна з 99% упэўненасцю сцвярджаць, што Тадэвуш Рэйтана атрымаў сваё імя ў гонар Св.Тадэвуша, бо нарадзіўся будучы Герой напрыканцы кастрычніка 1740г.
Узгадайце сёньня яго добрым словам!

вторник, 7 октября 2014 г.

Падсумаваньне вынікаў ... вуліца ім.Тадэвуша Рэйтана

Як вядома,  імя Тадэвуша Рэйтана, наваградскага дэпутата на сойм  1773-75 гг. самым шчыльным чынам павязана з сёньняшней  сталіцай нашай краіны.
Адсюль паходзіць род яго маці - знакамітыя Валадковічы.  Мажліва, што і нарадзіўся Тадэвуш менавіта тут, і тут , мажліва, прыняў першы хрост у кастрычніку 1740г. 
Існавала ў дарэвалюцыйным Менску і гімназія яго імя, а пазьней з'явілася вуліца ім.Т.Рэйтана, на месцы былой вул.Юр'еўскай (акурат на тым месцы , што сімбалічна, дзе зараз месціцца Палац Рэспублікі)...

Будзем спадзявацца, што памяць Самойлы Корсака (Наваградак)  і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага (Мінск), Ігната Куранецкага (Пінск) ,  паплечнікаў Тадэвуша Рэйтана , такі самых як і ён, патрыётаў сваёй зямлі, з часам будзе ўшанавана належным чынам!




понедельник, 6 октября 2014 г.

Прэентацыя юбілейнага нумара альманаха "Тэксты"

АРТ-СУПОЛКА ІМЯ ТАДЭВУША РЭЙТАНА
ВЫДАВЕЦТВА “ГАЛІЯФЫ”




ПРЭС-РЭЛІЗ

27 кастрычніка 2014 г. а 19-й гадзіне у канферэнц-залі мінскага Палаца мастацтва (вул.Казлова,3) адбудзецца гістарычная падзея.
Арт-суполкай імя Тадэвуша Рэйтана і выдавецтвам “Галіяфы” , адзначаецца дзясяцігоддзе літаратурна-мастацкага альманаха “Тэксты”, які з’яўляецца выключнай адметнасцю на літаратурнай ніве нашай краіны.
У гэтым юбілейным пятым нумары “Тэкстаў” змешчаны вынікі літаратурнага конкурса імя Тадэвуша Рэйтана, які быў абвешчаны ў 2013г. 
Упершыню, на землях былога Вялікага Княства Літоўскага выходзіць з друку зборавая праца навукоўцаў і літаратараў, якая прысвечана вялікаму сыну беларускай зямлі – Тадэвушу Рэйтану, герою знакамітага Надзвычайнага сойму 1773г. Не было раней нічога падобнага і па-за межамі Беларусі.
Імя ліцьвіна-беларуса наваградскага падкаморыча Тадэвуша Рэйтана, які ў тыя трагічныя для нашай краіны дні стаў на чале невялікага кола патрыятычных дэпутатаў сойму, паўстаўшых супраць Першага падзела Рэчы паспалітай Абодвух Народаў –ВКЛ і Кароны Польскай, назаўсёды стала сімбалем шчырага, нязломнага патрыятызму.
Быў час, калі тут, на Бацькаўшчыне героя , імя Тадэвуша Рэйтана , а таксама тых ліцьвінаў-беларусаў, якія неадступна таварышылі яму пад час сойму - Самойлы Корсака (Наваградак) , Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага (Мінск) былі ў вялікай пашане.
У гонар Тадэвуша Рэйтана, як найбольш яркай і трагічнай асобы, якая явіла свету прыклад выключнай грамадзянскай мужнасьці перад тварам смяротнай небяспекі , у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску нашы продкі называлі школы, надавалі вуліцам яго імя, ставілі помнікі і памятныя дошкі. Вядомыя ліцьвіны 19ст. – Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі, Францішак Смуглевіч і інш., прысвячалі ім літаратурныя і мастацкія творы. На яго прыкладзе выхоўваліся пакаленьні патрыётаў сваёй краіны. Тое самае, было і ў Польшчы, дзе ліцьвін Тадэвуш Рэйтан , стаў на вершыне гераічнага пантэону, бо , як пісалі польскія пісьменнікі – ён выратаваў гонар “палякаў”. Як вядома фактычна ўсе польскія паслы , сенатары і міністры на тым сойме, замест таго, каб бараніць Карону Польскую, падкупленыя або застрашаныя сталі на бок здрады. І дзяржаву абодвух народаў баранілі фактычна адныя ліцьвіны-беларусы на чале з Рэйтанам, Корсакам, Багушэвічам.
Мінуў час, і ў 20 ст. на радзіме вялікага ліцьвіна-беларуса, памяць аб ім разам з гістарычнай памяццю аб падзеях 18 ст. прыйшла ў заняпад. Але, імя яго працягвалася ўшаноўвацца за межамі нашай краіны. Дзякуючы гэтаму быў створаны жывучы міф аб “польскасці” Героя, аб тым, што “бараніў ён Польшчу”, а таму не з’яўляецца суб’ектам нашай гісторыі. Але, як вядома, міфы існуюць у тым ліку і дзеля таго, каб іх руйнавалі…
Ладзячы прэзентацыю , мы адначасова выносім на абвестку дня і найактуальнейшыя пытаньні – вяртанне ў наш нацыянальны гістарычны пантэон імёнаў Рэйтана, Корсака, Багушэвіча, і усебаковага ўшанавання іх памяці, а таксама, лёс родавага котлішча Рэйтанаў у в.Грушаўка, на Ляхавіччыне. На нашу думку, якую падзяляюць прафесар Адам Мальдзіс, старшыня Беларускага Саюза Мастакоў Рыгор Сініца і вельмі шматі ншых дзячоў культуры Беларусі , у сядзібе мусіць паўстаць Дзяржаўны мемарыяльны музэй Тадэвуша Рэйтана. Але ня толькі яго, бо сярод прадстаўнікоў роду былі і іншыя дастойныя памяці людзі – пісьменнікі Станіслаў і Ганна Рэйтаны, асветнікі і дабрадзеі мясцовых людзей – апошнія з роду , Язэп і Аліна Рэйтаны і шмат хто яшчэ. Таму, гісторыка-культурны комплекс рэспубліканскай значнасці на базе Грушаўскай сядзібы быў бы вельмі цікавым і прыцягальным , і ў той самы час карысным ня толькі раену, але і ўсёй Беларусі. Таму, мы звяртаемся да ўсіх зацікаўленых, падымаць гэта пытаньне ў прэсе. Мы не павінны даць гэтай сядзібе, нашай агульнай Святыне ні загінуць, ні стаць уласнасцю “новых магнатаў”. Сядзіба павінна служыць інтарэсам нашай дзяржавы!
У прэзентацыі бяруць удзел гісторыкі, пісьменнікі , мастакі ,філосафы і музыкі–  Валянцін Акудовіч, Адам Глобус, Алесь Родзін, Зміцер Юркевіч, Сяргей Сыс, Алесь Жлутка, 

Вольга Гарбачова,Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Зялевіч,Язэп Янушкевіч, Ілля Сін, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Ніна Дыдышка, Уладзімір Мароз,Зміцер Крымоўскі, Георгій Барташ, Фёдар Чарняўскі, Адам Шостак, Уладзімер Варанец, Віктар Шніп, Зміцер Гуд,, Віктар Сямашка, Аляксей Палачанскі, Ягор Nebo і іншыя.
Гледачы убачаць дакументальныя стужкі “Тадэвуш Рэйтан:Беларускі Дон-Кіхот “ (ОНТ), “Аліна Рэйтан.Апошняя з роду” (рэж.А.Ясінскай)
Будзе паказана выстава “Род Рэйтанаў. Асобы.падзеі” , якая складаецца з графічнага шэрагу вядомага мастака А.Родзіна.

Сардэчна запрашаем на прэзентацыю!
Зьміцер Юркевіч,
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
+375 33 375 72 50
lefthunder@gmail.com
www.reytan.blogspot.com

Зьміцер Вішнёў,
Выдавецтва “Галіяфы”
+375 29 6786806
vish@bk.ru
www.galiafy.by

пятница, 3 октября 2014 г.

Капліца-пахавальня Божай Міласэрнасці роду Рэйтанаў (в.Грушаўка)

фота: Ю.Зялевіч
Просім звязацца з намі тых , хто мог бы і хацеў бы дапамагчы з рэстаўрацыей капліцы.
За гэту справу трэба брацца неадкладна, бо час не чакае....нажаль.

Пішыце: lefthunder@gmail.com