понедельник, 26 декабря 2016 г.

Міцкевіч - Рэйтан - Касцюшка

Міцкевіч - Рэйтан - Касцюшка

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г
Новае ў ланцужку славутых імёнаў Беларусі
“Зямля наваградская! Край мой родны! / Славутага пяра Трамбецкага ты годны! […] / Адсюль Міндоўг — на поўнач — нёс грамы праз далі, / Моц рымскіх сэрцаў тут Рэйтаны гартавалі…” Гэтыя радкі недакладнага перакладу першай і недапісанай паэмы Адама Міцкевіча “Бульба” ўсё ж у дакладнасці перадаюць яго любоў да роднай наваградскай зямлі, глыбокую пашану не толькі да першага ўладара Вялікага Княства Літоўскага, але і да Тадэвуша Рэйтана, знакамітага пасла на сойм 1773 — 1775 гадоў — у наш час забытага на Бацькаўшчыне героя, чыё імя ўсё ж вяртаецца з нябыту.

/i/content/pi/cult/615/13672/15-1.jpgАбкружаны яшчэ пры жыцці славай і павагай землякоў і шчырых ворагаў, Рэйтан пасля заўчаснай смерці ў выніку няшчаснага выпадку 8 жніўня 1780-га, стаў папраўдзе легендарнай асобай у гэтых краях. Зразумела, гэты культ, спачатку стыхійны, неакрэслены, паступова ўвайшоў у пэўнае рэчышча, куды яго скіравалі пісьменнікі, мастакі і палітыкі. Праўда, часам, дасведчаныя людзі кажуць, што не землякі Рэйтана ўзвялічылі ягонае імя. Сапраўды, калі гаворка вядзецца пра мянушкі бегавых коняў, гатунак піва ці таматаў, турыстычныя фірмы ці гатэлі з назовам “Рэйтан”, мы сціпла стаім у баку. Іншая справа, калі гаворка вядзецца пра творы мастацтва, якімі моладзь натхнялася на здзяйсненні дзеля роднага краю. (Адзін з нашых артыкулаў у “К” быў прысвечаны такой тэме.) Але цяпер хацелася б распавесці чытачам, як малазямляк Тадэвуша Рэйтана, наваградзец Адам Міцкевіч, ушанаваў памяць вялікага чалавека ў сваёй творчасці, фактычна змусіўшы замежнікаў год за годам вучыць яго і сваё імя па школьнай праграме.
Праз два тыдні па стварэнні таварыства філаматаў на чужыне сканаў Тадэвуш Касцюшка. Правадыр вызваленчага паўстання 1794 года апошнія гады вёў вельмі сціплае існаванне ў вёсцы Бервіль блізу знакамітага замка Фантэнбло, дзе ў той самы час, знявераны і пакінуты, спрабаваў скончыць сваё жыццё гвалтоўным чынам імператар Напалеон. Магчыма, таму, што спроба сталася няўдалай, за тры гады да смерці Касцюшка змог убачыць ліцвінаў і палякаў, якія служылі пры генеральным штабе напалеонаўскага войска. Сярод першых, аказаўся падпалкоўнік Дамінік Рэйтан, пляменнік Тадэвуша Рэйтана. Пачуўшы знакамітае і знаёмае прозвішча, Касцюшка меў доўгую размову з пляменнікам свайго траюраднага брата. Так, Тадэвуш Рэйтан ёсць братам Тадэвуша Касцюшкі! Гэты факт нам нядаўна пашанцавала ўстанавіць паводле архіўных даных. Убачыць годнага нашчадка свайго вялікага сваяка для Касцюшкі было, як у змроку пабачыць прамень сонца, пачуць родную гаворку ці дакрануцца да святой зямлі пілігрыму.
…Звестка пра смерць Касцюшкі маланкай прыляцела ў Літву і Польшчу. З дазволу расійскага імператара па касцёлах былі наладжаны ўрачыстыя набажэнствы ля сімвалічных трунаў героя. Першыя ўрачыстасці адбыліся ў былым Вялікім Княстве, пазней эстафету перанялі караняжы (так нашы продкі называлі палякаў). Асаблівы размах урачыстасці набылі ў Вільні. Дзе быў у той час Адам Міцкевіч, у родным Наваградку ці ў колішняй сталіцы княства? Дакладна невядома.
Захавалася цікавае апісанне таго, як наваградская шляхта ўшанавала памяць Касцюшкі. Цвет ваяводства сабраўся ў касцёле францішканцаў (месціцца ён побач з сучасным краязнаўчым музеем, у ХІХ стагоддзі перароблены на праваслаўную царкву, якой і з’яўляецца ў наш час), дзе ўсталяваныя памятныя дошкі героям сойму 1773 года Тадэвушу Рэйтану, Самуэлю Корсаку, Станіславу Багушэвічу, а таксама Якубу Ясінскаму і іншым. Адбылася жалобная імша, прагучалі прамовы. Потым былы напалеонаўскі афіцэр (амаль юнак) Ваўрынец Плятар (будучы муж Марылі Верашчака) прачытаў верш у гонар Касцюшкі. Спрэчкі, чый гэта быў верш (ягоны ці Адама Міцкевіча), як мне падаецца, вядуцца і да гэтага часу.
Для нас жа вельмі цікавым і важным з’яўляецца тое, што у Наваградку (а магчыма, і ў іншых гарадах былога ВКЛ), ужо былі спробы ўвекавечыць памяць паслоў-ліцвінаў. І безумоўна, Міцкевіч, не мог не чуць і не бачыць гэтага. Дарэчы, былі такія спробы і пазней, нават у ХХ стагоддзі. На жаль, у наш час імёны згаданай трыяды навагрудчанам незнаёмыя.
Узяты за эпіграф урывак з паэмы “Бульба” — першая згадка Рэйтана ў творчасці Міцкевіча. Пачаў ён пісаць паэму ў 1819 годзе, але так і не завяршыў. Чаму? Няма адказу.
У 1820-х лёс звёў Міцкевіча з адным з найзнакамітых пазней пісьменнікаў таго часу Генрыкам Жавускім. Магчыма, натхнёны Міцкевічам, ён паклаў на паперу свае ўспаміны і пачутыя ў дзяцінстве байкі. На свет у 1839 годзе з’явіліся чатыры тамы “Успамінаў чашніка парнаўскага Севярына Сапліцы” — бестсэллер тых часоў. Дзякуючы гэтаму твору Генрыка Жавускага называюць другім біёграфам Тадэвуша Рэйтана, бо адна з частак твора прысвечана знакамітаму наваградцу. Ну а першым біёграфам лічыцца іншы ліцвін — берасцеец Юльян Нямцэвіч, які на 20 гадоў раней за Жавускага апісаў жыццё і чын героя. Малавядомы факт, але Генрык Жавускі — стрыечны ўнук Рэйтана, бо ягоны бацька, Адам Жавускі, вядомы дыпламат, палітык у свой час выкраў з мэтай ажаніцца дзесяцігадовую Юстыну, дачку Яўхіма Рдултоўскага і Марты-Марыяны з Рэйтанаў (сястры Тадэвуша). Усё свае дзяцінства Генрык правёў у бабкі — у сэрцы старажытнай Літвы — на Наваградчыне, дзе чуў і бачыў рэшткі таго сармацкага вялікалітоўскага духа, які пазней і паклаў на старонкі сваіх твораў.
Літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што ўплыў двух літаратараў быў узаемны. Міцкевіч натхніў Жавускага пісаць “Гавэнды”, а сам узяў у Жавускага задуму для “Пана Тадэвуша”. Але пакуль пісалася роўная “Эліядзе” Гамэра паэма, Міцкевіч двойчы звярнуўся да вобраза Тадэвуша Рэйтана ў сваіх артыкулах.
Апынуўшыся ў эміграцыі, паэт наладзіў выпуск газеты “Пілігрым”. Друкаваліся там і вершы, і артыкулы розных аўтараў на актуальныя тэмы. У маі 1833 года Міцкевіч піша два артыкулы, даволі рэзкіх паводле свайго тону. Першы меў назву “Пра апалітычных і…”, дзе Міцкевіч распавядаў пра людзей, якія ўсяляк ухіляліся ад удзелу ў палітычным жыцці краіны, спасылаючыся на неспрыяльныя таму акалічнасці. У наступным нумары “Пілігрыма”, у артыкуле “Пра людзей рассудных і шалёных”, гаворка ішла пра тых, хто замест рашучых дзеянняў у вызначальны час лічыць за лепшае разважаць, варта ці няварта да іх пераходзіць. Як супрацьлегласць людзям без стрыжня паэт прывёў у прыклад Тадэвуша Рэйтана. Гэта людзі, якія атрымалі ад рассудных мянушку шалёных, але іх, гэтых шалёных, народ назваў вялікімі!
І вось, надышоў 1834 год. Менавіта тады, над парыжскім брукам, загучалі знакамітыя несмяротныя радкі “Літва, ты як здароў’е тое!” Не маючы магчымасці і нават надзеі вярнуцца на Радзіму, Міцкевіч уваскрашае падзеі мінуўшчыны, нашы звычаі, жыве ў ілюзорнай краіне, дзе ўсё да болі знаёмае з дзяцінства…
Вось родны палацык Тадэвуша Сапліцы, юнака, які вяртаецца з Вільні. І пачынаецца пералік партрэтаў на сценах:
Касцюшка тут у простай кракаўскай чамары
Аберуч меч дзяржыць, узняўшы вочы ў хмары.
Вось так ён прысягаў за родны край любімы
Загінуць ці прагнаць трох ворагаў радзімы.
Далей сядзіць, апрануты па-польску, у скрусе
Пан Рэйтан, бо свабоду край утраціць мусіў,
Трымае востры нож, накіраваны ў лона,
А перад ім “Федон” і жыццяпіс Катона.
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы…
Апошнія, начальнік паўстання ў ВКЛ Якуб Ясінскі, а таксама Тадэвуш Корсак, загінулі ў час штурму войскамі Суворава Прагі, прадмесця Варшавы. Там яны і пахаваныя ў адной магіле.
Шкада, што Міцкевіч, услед за традыцыямі рамантызму, спрычыніўся да замацавання міфу аб самагубстве Тадэвуша Рэйтана, узброіўшы ў творы таго нажом. Зразумела, што зроблена гэта было з найлепшых меркаванняў, бо сапраўдны герой мусіў памерці як вікінг, як самурай — са зброяй у руках. Але адышоў у вечнасць Тадэвуш не праз меч, але да апошняй хвіліны жыцця трымаючы святара за руку.
Уславіўшы імёны знакамітых ліцвінаў-землякоў, напісаўшы паэму “Пан Тадэвуш”, Адам Міцкевіч замаўчаў. Фактычна, пасля гэтага твору нічога значнага ён так і не напісаў. Творчы імпэт і энергія былі скіраваныя на рэальную палітычную барацьбу — стварэнне легіёнаў і іншыя справы. Усё гэта, урэшце, прывяло да таго, што Адама Міцкевіча выслалі ў Стамбул, нібыта пасярэднічаць у спрэчках між непрымірымымі прадстаўнікамі эміграцыі. І вельмі верагодна, што там яго атруцілі, бо са сваімі чырвонымі рэвалюцыйнымі поглядамі ён шмат каму быў ненавісным. Зацікаўленым можна параіць артыкул гісторыка Паўла Манькоўскага “Ці быў атручаны Адам Міцкевіч?”, з якога можа даведацца пра акалічнасці смерці паэта.
Але перад тым, як развітацца з чытачом, распавядзём яшчэ трохі пра Міцкевіча і Жавускіх. Найбольш знакамітымі сёстрамі Генрыка Жавускага былі Эвеліна Ганьская і Караліна Сабаньская. Гісторыя пра тое, як унучка Тадэвуша Рэйтана стала каханнем жыцця знакамітага французскага пісьменніка Анарэ дэ Бальзака, не толькі добра вядомая, але нават зафіксаваная ў кінематографе. Калі-небудзь мы распавядзем яе больш падрабязна, але зараз нашу цікавасць прыцягвае Караліна Сабаньская. Доўгі час яна была музай рускага паэта Аляксандра Пушкіна, які нават пакінуў на палях сваіх нататак яе партрэт. Пасля Караліна стала натхняць на творчасць Адама Міцкевіча, пры сустрэчы з якім Пушкін аднойчы сказаў, прызнаючы перавагу генія Міцкевіча над сваім: “З дарогі двойка, туз ідзе!”. На што, быццам бы, атрымаў адказ: “Казырная двойка і туза б’е”.
Вось так “парадніліся” Міцкевічы і Рэйтаны. Але тое ўжо іншая гісторыя, якую мы таксама распавядзем іншым разам...
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=13672

вторник, 22 ноября 2016 г.

Збор сродкаў на аднаўленне капліцы Рэйтанаў . Афлайн-талакошт: 2394,08 Br!

100b259cace29af525e9097d99ac.jpeg
Дзякуй чальцам нашай каманды Нікіце Біза і Ілле Шыпіла з Ляхавічаў! Яны прапанавалі і самі сабралі сродкі ў гімназіі, дзе вучацца!

Райтэр на радзіме Рэйтана , або "Эсперанта сучаснага мастацтва"

Інтэрв'ю, якое даў журналісту газеты "Культура" Ільле Свірыну былы кіраўнік вядомага берлінскага арт-цэнтра "Тахелес"  (спыніў свае існаванне ў 2012 г.) , вядомы берлінскі мастак і наш добры сябра Марцін Райтэр.
Незадоўга да таго, ён пабываў разам з намі ў аўтобуснай вандроўцы "Шляхам Тадэвуша Рэйтана"-2, якая прайшла па тых пуцявінах, якімі , безумоўна , вандраваў у XVIII ст. наш Герой. Шлях гэты - Менск-Нясвіж-Грушаўка-Ствалавічы-Свіцязь-Наваградак.
Некаторыя свае думкі наконт убачаннага , мастак паведаў сп.Свірыну, які таксама з'яўляецца нашым даўнім сябрам, але і пры гэтым, актыўным паплечнікам Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў справе змагання за захаванне сядзібы роду Рэйтанаў у Грушаўцы (ляхавіцкі раён, Берасцейшчына). 

Дарэчы, нагадаем , што менавіта дзякуючы берлінскаму арт-цэнтру ў нас нарадзілася і выспела ідэя "вяртання" імя Тадэвуша Рэйтана Беларусі. Там адбылося і першае мастацкае інсталяцыйнае ўвасабленне яго постаці (і гераічнага ўчынку на сойме 1773 г.) пад час ДАХ-16 "Вайна" (2012г.)




Марцін Райтэр

(фота клікабельна)


понедельник, 21 ноября 2016 г.

Апгрэйд ахоўнага навеса 21/11/2016

Роўна тры гады таму над капліцай на родавым пахаванні Рэйтанаў  намі быў пабудаваны ахоўны 
Не так даўно і ён пацярпеў ад непагоды. Таму, вырашана было малым складам выправіцца ў Ляхавічы на "субнядзельнік".

Набываючы рубероід-цвікі у "будкраме" мы пазнаёміліся са сп.Алесям , месцічам, які прапанаваў нас падвезьці да месца. Падобна, знайшлі яшчэ аднаго добрага і неабыякавага да нашай справы чалавека. 
Таксама адбылася сустрэча з нашымі сябрамі. Вялікая падзяка навучэнцам гімназіі г.Ляхавічы , якія вырашылі падтрымаць наш праект аднаўлення капліцы !!




Былі-дзеілі дах латалі:

Зьміцер Юркевіч
Алесь Мачульскі
сп.Алесь





Было:





                               
                                                                     Стала:









четверг, 17 ноября 2016 г.

Патрэбна дапамога!

Сябры!
Шмат хто з вас ведае, што мы вырашылі аднавіць капліцу на родавым пахаванні Рэйтанаў у горадзе Ляхавічы.
Намерам аднавіць яе папярэднічала барацьба за захаванне старой капліцы (сярэдзіна ХІХ ст.), якая знаходзілася ў жудасным, аварыйным стане. Але, пабудаваны ахоўны навес не дапамог, да пачатку прац улетку 2014 г. капліца не дастаяла 5 дзён. Прычына так і не высвятлілася, хоць відавочцы казалі, што "сама сабой, сярод дня".
Месца гэтае асобае. Тут былі пахаваны браты Тадэвуша Рэйтана- Міхал і Станіслаў, пляменнік Даменік, сын Даменіка Стафан і ягоная жонка Марыя з Несялоўскіх. Існуе верагоднасць таго, што пасьля таго, як згарэў стары касцёл у Ляхавічах, сюды з яго былі перанеслі астанкі самога Тадэвуша Рэйтана.
У дадзены момант на платформе http://www.talaka.by/projects/788/blogад імя нашае Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана вядзецца збор сродкаў на аднаўленне капліцы.
Падтрымайце добрую і годную справу!
Выказваю шчырую падзяку тым, хто ўжо зрабіў свой унёсак у агульную скарбонку перамогі!
Сяброў суполкі прашу аб "рэпост"


суббота, 12 ноября 2016 г.

Рэйтан і Касцюшка

Доўгая гісторыя пра тое, як ліцьвін-беларус Тадэвуш Рэйтана стаў "выбітным палякам" яшчэ наперадзе.  Але, адзін з эпізодаў балады прыводзім зараз.

                                       Cześć im i sława  Rejtan,Kościuszko..
(час стварэння 1851-1900)

Маем спадзеў, што неўзабаве беларускі чытач зможа даведацца аб вельмі цікавых акалічнасцях сваяцтва Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі.
Сачыце за блогам!