среда, 31 января 2018 г.

Афіша і Прэс-рэліз фестываля "РЭЙТАН" / 17.02. 2018



АРТ-СУПОЛКА ІМЯ ТАДЭВУША РЭЙТАНА
ШМАТФУНКЦЫЯНАЛЬНАЯ АРТ- ПРАСТОРА  “ВЕРХ”
ПРЭС-РЭЛІЗ
МАСТАЦКА-ГІСТАРЫЧНАГА ФЕСТЫВАЛЯ “РЭЙТАН” (ДАХ)


17 лютага 2018 года  а 12-ай гадзіне ў Шматфунцыянальнай арт -прасторы ВЕРХ распачнецца 12-ці гадзінны мастацка-гістарычны фестываль “РЭЙТАН” (ДАХ).


Фестываль прысвечаны памяці  Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага, якія 19 красавіка 1773 года  рашуча выступілі супраць Першага гвалтоўнага Падзела сваёй Бацькаўшчыны. Імёны Герояў, якія прадстаўлялі Наваградскае і Менскае ваяводствы ВКЛ, асабліва Тадэвуша Рэйтана, як душу і сэрдца супраціву, высока шанаваліся ў ВКЛ.  

Кажуць пра гэта шматлікія паэтычныя і мастацкія творы, народжаныя на беларускіх землях Францішкам Князьніным, Адамам Міцкевічам, Генрыкам Жавускім, Ф.Смуглевічам і інш. Культ іх памяці зведаў перыяды ўздыму і заняпаду. Але, апошнім часам, памяць аб мужных абаронцах Незалежнасці вяртаецца. Сведчаннем гэтага вяртання з’яўляецца і гэты штогадовы фестываль, які з 2013 года ладзіць Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.


Традыцыйна  фестываль з’яднае  пад сваім дахам  вялікую колькасць беларускіх мастакоў, музыкаў, спевакоў, тэатралаў, перформераў. Запланаваны майстар –класы  (лінагравюра, фехтаванне , танцы)  і гульні (дзіцячыя і рыцарскія). Можна будзе азнаёміца і з навінкамі беларускіх выдавецтваў.


Праграма фестываля вельмі  насычаная,  разлічаная на самыя розныя ўзросты, і будзе цікава тым, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі!
Азнаёміцца са зместам праграмы можна будзе (з’явіцца неўзабаве) на сайце фестываля.


Уваход вольны!


Месца правядзення:  Шмат функцыянальная арт-  прастора ВЕРХ (Менск, вул. Куйбышева, 22, 6 корпус, 6 паверх, т.  8 029 381-81-81)
Куратары мерапрыемства : Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана ( +375 33 375 72 50, lefthunder@gmail.com), http://reyten.blogspot.com.by/www.facebook.com/Арт-суполка-імя-Тадэвуша-Рэйтана-562381497125815/www.vk.com/club52677453

понедельник, 29 января 2018 г.

Majsternia Źmitra Šapavałava / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Зьміцер Шапавалаў ад самага пачатку сярод тых, хто падтрымлівае рух Арт-суполкі. Неаднаразова браў удзел у фестывалях, якія мы ладзілі на радзіме Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, як з майстар-класам па лінагравюры, так і з майстар-класам па фехтаванні на рапірах.

На гэты раз, Зьміцер Шапавалаў правядзе майтар-клас з Іллём Андрэевым!  Вельмі раім патрапіць за  мастацкі стол з майстрамі справы!




17 лютага , у межах фестываля "РЭЙТАН", адбудзецца майстар-клас па гравюры на 

лінолеўме ад Зьмітра Шапавалава ды Ільлі Андрэева.

Пачатак а 12 гадзіне.

Колькасць удзельнікаў абмежаваная - 7 чалавек.

Неабходныя матэрыялы ды інструменты выдадзім.

Здымак Majsternia Źmitra Šapavałava




Усім удзельнікам падарункі Ад арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана + падарунак ад 

Зьмітра Шапавалава ўдзельніку, праца якога назбірае бальшыню сімпатый гледачоў

Тыя, хто жадае паўдзельнічаць, тэлефануйце, калі ласка, на нумар +375445182538

Здымак Majsternia Źmitra Šapavałava

www.facebook.com/Majsternia-Źmitra-Šapavałava-300635737121491/

Беларускія кнігі ад Алеся Дудара / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Раз-пораз, ў нашым фестывалі бярэ ўдзел спадар Алесь Дудар.  Як і раней, так і на гэты раз, у спадара Алеся  можна будзе набыць кнігі розных беларускіх выданняў! Бярыце з сабой заплечнікі і гайда! :)

 https://www.facebook.com/knihanosha


Выдавецтва "ГАЛІЯФЫ" з новымі і ранейшымі выданнямі / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Кнігарня "Галіяфы"   http://halijafy.by/

Пад час фестываля "РЭЙТАН" можна будзе набыць новыя выданні "ГАЛІЯФАЎ", а таксама пяты,  юбілейны нумар альманаха "ТЭКСТЫ" (№5), які паўстаў па выніках' літаратурнага конкурсу імя Тадэвуша Рэйтана.

Альманах Тэксты №5
http://halijafy.by/krama/teksty-5-2014/
Большасць тэкстаў, змешчаных у альманаху, прысвечаная выбітнаму беларускаму дзеячу Тадэвушу Рэйтану (1740—1780). Зміцер Юркевіч, Уладзімер Варанец, Алесь Жлутка, Здзіслаў Сіцька, Вольга Гарбачова і многія іншыя даследуюць спадчыну легендарнай асобы Рэйтана. У нумары таксама ёсць проза Юрыя Станкевіча, Мікалая Плавінскага, Георгія Барташа, гутарка з філосафам Валянцінам Акудовічам, бумбамлітаўскія дзённікі Віктара Жыбуля. Напрыканцы альманаху прадстаўлены новы раздзел пад назвай “Не-Тэксты”, дзе прадстаўленыя фотаматэрыялы.

Новыя і ранейшыя выданні ARCHE /17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)








17 лютага на фестывальнай пляцоўцы можна будзе азнаёміцца і набыць новыя і ранейшыя выданні выдавецтва "ARCHE". Сярод новых выданняў асаблівую ўвагу раім звярнуць на №4/2018 часопіса ARCHE, у якім змешчаны артыкул "Ці быў Тадэвуш Рэйтан самагубцам?" (https://reyten.blogspot.com.by/2018/01/42018.html )


Сайт выдавецтва https://arche.by/ , на якім можна набыць электронную версію часопіса (і ня толькі).

воскресенье, 28 января 2018 г.

Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Вельмі радыя, што спадарыня Таццяна Грыневіч выказала намер падтрымаць нашу імпрэзу! 
Адзначым, што вядомая беларуская спявачка не першы раз бярэ ўдзел у нашых мерапрыемствах, прысвечаных Тадэвушу Рэйтану!


Кароткая творчая біяграфія спадарыні Таццяны -
Скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. К. АгінскагаБДУКіМ, працуавала ў дзяржаўнай філармоніі, у складзе камернага хору. У 2007—2009 супрацоўнічала таксама з хорам праваслаўнага сабора Гайнаўкі (Польшча). Як сольная спявачка канцэртуе з 2008 года, выступае ў школах, бібліятэках, музеях, прадпрыемствах па ўсёй краіне. Таксама выступала на 400-годдзі Докшыцкай каталіцкай парафіі (2007) і на 600-годдзі Сынкавіцкай царквы (2008). Чатыры рамансы ў яе выкананні ўвайшлі ў складанку «Наталля Арсеннева. З крывіцкай сям'і» (2009).

www.be.wikipedia.org/wiki/Таццяна_Грыневіч-Матафонава
Відэа:
https://www.youtube.com/watch?v=xNhZRX8uo1k

Related image

Здымак Genadz Drazdou


Мары Таццяны Грыневіч

"Пасля ІІ курса і стрэліла думка наконт опернай сцэны. Вучыцца трэба было чатыры гады, таму, калі набліжаўся фініш, я падышла да настаўніка па вакалу і расказала пра сваю мару"...
Купалле

Размову з Таццянай Грыневіч я вырашыў зрабіць зусім не таму, што яна мая зямлячка. Прычына — у цудоўным выкананні знакамітага «Паланезу» Агінскага, які для альбома «Я нарадзіўся тут» быў зроблены песняй. А калі пачуў расказ пра яе жыццё, зразумеў, што мне пашанцавала, бо так марыць можа толькі вельмі не ардынарная асоба.

Першыя мары

Зразумела, першыя спевы, якія я пачула, былі матуліны — Алы Іванаўны Грыневіч. Для мяне яны пачалі гучаць у Ашмянах 10 лістапада 1977 года.
Сям’я ў нас вельмі музыкальная. Бабуля Варвара Кузьмінічна Альферовіч грала на балалайцы, дзядуля Іван Іосiфавiч — на скрыпцы. А мама ўвогуле была настаўніцай музычнай школы, выкладала фартэпіяна. Нягледзячы на тое, што мой тата, Іван Ігнатавіч, працаваў у энергетыцы, уся яго сям’я была таксама музыкальнай. Так што гены ў мяне, што ноты, — музыка.
Таццяне Грыневіч — 6 гадоў
Бацькі пазнаёміліся ў Ашмянах. Тата служыў сувязістам, пасля войска яго часта запрашалі ў Ашмянскі ваенкамат на радыёстанцыю, праз якую ішла сувязь з Гродзенскім ваенкаматам. А мама жыла побач з ваенкаматам, там тата яе заўважыў і неяк на танцах пазнаёміўся. Часам тата залазіў на дрэва, як той Рамэа, каб зазірнуць у акенца і паглядзець, ці дома любімая, — поўная рамантыка, бадай толькі рамансы пад акном не спяваў.
Неўзабаве яны пабраліся шлюбам, пайшлі дзеткі. Нас у сям’і трое, я сярэдняя. Старэйшага брата завуць Васіль, малодшага — Юрась. Абодва зараз у Піцеры, прадпрымальнікі. Ужо ў два гады я бегала па хаце і нешта высокім голасам пішчала. Мой дзядзька, выкладчык Гродзенскай музычнай вучэльні Алег Іванавіч Альферовіч, пачуў гэта і заўважыў: «Будзе мая пляменніца опернай спявачкай». Жарт жартам, але праз шмат гадоў гэтыя словы быццам бы матэрыялізаваліся ў маё раптоўнае жаданне стаць менавіта спявачкай. Было гэта пасля другога курсу Маладзечанскай музычнай вучэльні.
16 гадоў. Таццяна Грыневіч з братам.
У Ашмянах я вучылася ў другой сярэдняй школе. Два першых класы ў старым будынку, астатнія — у новым. Паралельна было восем гадоў вучобы ў музычнай школе, дзе я зразумела: музыка — гэта маё.
Менавіта ў музычнай школе я пазнаёмілася з дзецьмі, якія потым хадзілі ў мясцовы Дом піянераў «на гітару». Шмат разоў складала ім кампанію. І падглядзела тыя акорды, якія потым стануць базай для майго гітарнага досведу, бо значную частку сваіх песняў я выконваю якраз з гэтым інструментам.
Некалькі гадоў таму я прыехала з выступам у родную школу, і мяне сустрэла настаўніца беларускай мовы — мая аднакласніца! Яна павіталася і расказала, што яе папярэдзілі: «З Мінску прыедзе нейкая спявачка, родам з Ашмян. Ніколі б не падумала, што гэта будзеш ты...» Аказваецца, за адным са зробленых мной для школы дыскаў яна спецыяльна ездзіла ў Мінск. Яна яго знайшла і набыла, аднак не магла нават уявіць, што Таццяна Грыневіч — яе былая аднакласніца...
З дзіцячых успамінаў засталася дарожка да любімай рэчкі Ашмянкі, якая працякае побач з бацькоўскай хатай, і горка ля ваенкамата, з якой зімой мы каталіся на санках. Побач быў яшчэ стадыён, дзе часта гулялі ў футбол, але зараз яго забудавалі...
З бабуляй Варварай Кузьмінічнай
Пасля базавай 9-класнай адукацыі я паступіла на дырыжора ў Маладзечанскую музвучэльню. Там пасля другога курса і стрэліла думка наконт опернай сцэны. Вучыцца трэба было чатыры гады, таму, калі набліжаўся фініш, я падышла да настаўніка па вакалу і расказала пра сваю мару. Маўляў, у кансерваторыю праслухалася, але яны мяне не бяруць. Настаўнік параіў пайсці ў Акадэмію мастацтваў, дзе ёсць набор на спецыяльнасць «акцёр музычнага тэатра». Па сутнасці, аперэта вельмі блізкая да класічнай оперы.

Першыя іспыты

Я ехала на ўступны экзамен з неверагоднай упэўненасцю ў сваім поспеху і атрымала... «двойку» ад прымы айчыннай аперэты Наталлі Гайды. Праз гады Наталля Віктараўна ацаніла мой голас, але ўжо не памятала, што некалі паставіла адмоўную адзнаку.
Вярнулася я тады да настаўніка па вакалу ледзь не ў слязах. Спыталася, што рабіць далей? Пётр Пятровіч Туронак сказаў: «Калі тут праблемы, паступай у Інстытут культуры на харавое аддзяленне. Там ёсць настаўнік вакалу, які табе зробіць правільнае дыханне». Як вядома, гэта аснова для добрага спявання. Прозвішча ён не мог згадаць.
Я такі чалавек, што калі чаго-небудзь хачу, то абавязкова дасягну. Літаральна ў першы дзень вучобы знайшла гэтага настаўніка (ім аказаўся Віталь Вісарыёнавіч Пакідчанка), і ў яго кабінеце амаль безапеляцыйна сказала яму: «Я буду ў вас вучыцца. І стану опернай спявачкай!» Уяўляю, як ён тады разгубіўся, але папрасіў мяне заспяваць. Пачуўшы, схапіўся за галаву і кажа: «Нават не ведаю, чым дапамагчы. Прыходзь на заняткі, будзем разбірацца...»
Таццяна Грыневіч — лісічка
Яго заняткі я наведвала амаль фанатычна — па пяць разоў на тыдзень. Спявала сама, слухала іншых. І так усе дні, калі ён працаваў, але, нягледзячы на гэта, маё развіццё ў спевах ішло надзвычай марудна.
Мой будучы муж вучыўся на іншым факультэце, і сярод яго выкладчыкаў быў Вячаслаў Антонавіч Ракіцкі, які стала працуе на «Радыё Свабода». Студэнты з захапленнем расказвалі пра яго лекцыі. Адзін раз схадзіла і я. І таксама захапілася. Ён чытаў свае лекцыі, як і некаторыя іншыя, на беларускай мове, але менавіта ў яго адчувалася незвычайная шчырасць, да таго ж мяккая тарашкевіца дадавала такой прыгажосці, што мне самой захацелася вывучыць беларускую мову.
На бліжэйшыя вакацыі ўзяла з сабой у Ашмяны «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, беларуска-рускі слоўнічак і вывучыла беларускую мову. З таго моманту ўва мне быццам бы прачнуўся ген жадання ведаў (у звычайнай школе гэтага не было). Я быццам бы праглынала новую інфармацыю.
Дыпломную работу напісала на беларускай мове і на ёй жа вырашыла абараняцца. Большасць успрыняла гэта нармальна, але некаторыя казалі: «Навошта табе гэта трэба?». Ішоў 2001 год, а не пачатак 90-х, калі ідэі нацыянальнага адраджэння віравалі ў грамадстве.
У 2000 годзе мы пабраліся шлюбам з Алесем Матафонавым і нарадзіўся Адась. Так што разам з дыпломам я атрымала яшчэ і гадавалага сына.
Менавіта з сынам звязаныя вельмі значныя падзеі ў маім жыцці. Я размаўляла з ім толькі па-беларуску, таму цалкам лагічна, што і дзіцячы садок быў абраны беларускамоўны, напэўна, тады адзіны ў Мінску. Дакладней, гэта была беларускамоўная група дзяцей розных узростаў. Месціцца садок каля вядомай цацачнай крамы «Матрошка». З Зялёнага Лугу, дзе мы тады жылі, кожны дзень дабіраліся каля гадзіны — у адзін бок. У гэты ж садок вадзілі сваіх дзетак Лявон Вольскі, Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч, Зміцер Сідаровіч. Пасябравалі і дзеці, і дарослыя.
Са Зміцерам Сідаровічам мы непасрэдна пазнаёміліся ў наступным годзе, калі нашы дзеці (яго Тамаш і мой Адась) разам хадзілі ў цэнтр народнай творчасці на вуліцы Кірава. Вельмі цікавымі былі заняткі па саломцы, якія праводзіла Валянціна Лойка, Адась яе так і называў — «спадарыня Саломка». Там жа дзеці наведвалі і музычныя заняткі.
Аднойчы мы са Зміцерам чакалі сваіх хлопцаў, разгаварыліся і вырашылі ў будучым зрабіць нешта разам. У 2005-м прыйшла ідэя «Дзіцячага альбома»: было разуменне, што для дзяцей няма беларускамоўнага матэрыялу, што ўсе мы выраслі на песнях з савецкіх мультфільмаў. Натуральна, усе яны рускія. Мы вырашылі стварыць нешта сваё, беларускае. Нам вельмі дапамагла кніга «Дзіцячы фальклор», адтуль мы ўзялі і апрацавалі 27 песень. Спачатку думалі, што спяваць будзем самі, а потым аддалі прыярытэт дзецям. Гэта была першая сумесная праца. Потым запісалі «Дзіцячы альбом. Частка другая», куды ўвайшлі калядныя і школьныя песні.
З гуртом Зміцера Сідаровіча

Пошукі мары

Аднак вернемся да маёй мары стаць опернай спявачкай.
Размеркавання ў мяне не было, бо я адразу трапіла ў дэкрэтны адпачынак. Час ад часу хадзіла да свайго настаўніка па вакалу, потым амаль выпадкова даведалася, што ў нашым універсітэце па маім профілі можна атрымаць дадатковую адукацыю.
Першапачаткова ў дэканаце мне сказалі, што за год навучання стаць дыпламаванай опернай спявачкай немагчыма, і яны мне замест дыплома выпішуць даведку, што я вучылася оперным спевам. Выбару не было, я пагадзілася. Тата аплаціў вучобу, пачаліся заняткі. Ставілася да іх надзвычай адказна. Асабліва да тых, якія не былі ідэалагічнымі.
Прадстаўніцы дэканату прысутнічалі на экзаменах і чулі, як я спяваю, і ўрэшце выдалі не выпіску пра тое, што вучылася, а рэальны дыплом з кваліфікацыяй: «спявак оперны — канцэртны». Аказалася, дзеля мяне жанчыны хадзілі ў Міністэрства адукацыі, і ім «в порядке исключения» дазволілі выдаць «диплом установленного образца».
Жаданы дыплом нічога, акрамя маральнага задавальнення не даваў. На шчасце, адна са знаёмых сказала, што ў яе школе ёсць стаўка акампаніятара танцаў. Заробак невялікі, але гэта было выйсцем. Тым больш, што адпаведны досвед быў — яшчэ падчас вучобы я выкладала ў розных школах.
У якасці акампаніятара прапрацавала некалькі гадоў. Гэта даволі цікава. Я глядзела, як дзетак вучаць танчыць, а калі гэта было магчымым, падыходзіла да станка сама і паўтарала іх практыкаванні. Самастойна займалася і вакалам. Потым два месяцы спявала ў хоры «Санорус» пад кіраўніцтвам Аляксея Шута, і нарэшце мяне прынялі ў Дзяржаўны камерны хор Беларускай філармоніі, дзе прапрацавала 12 гадоў.
Не скажу, што там было ўсё без праблем. Магчыма, мой голас не адпавядаў іх узроўню, а магчыма, недарэчнасці адбываліся таму, што мая індывідуальнасць заўжды была наперадзе, хор жа — гэта калектыў са сваімі патрабаваннямі, дзе трыццаць чалавек павінны быць адным арганізмам, і сярод яго — «маленькая атамная станцыя», як часам пра мяне жартаваў Валер Мазынскі.

Мара беларушчыны

Пад канец 2008-га ў мяне з’явілася скрыпка, якая цудоўна спалучалася з дудой Зміцера Сідаровіча. Ён сказаў: «Будзеш маёй скрыпачкай». Бедныя мае родныя і суседзі...
Музычная адукацыя дазваляла засвоіць новы інструмент самастойна, і даводзілася займацца па некалькі гадзін на дзень. Ужо праз два месяцы мы дэбютавалі ў Мінскім Палацы моладзі, яшчэ праз паўгода кавярня «Жар-птушка» прапанавала папрацаваць у іх: дырэктарка захацела, каб у кавярні адбываліся народныя танцы.
Зміцер сабраў гурт: да нас далучыліся гарманіст Аляксей Крукоўскі ды Ігар Доўгі — барабан. Кожны чацвер у кавярні адбываліся адпаведныя вечарыны, што для мяне асабіста азначала трохгадзіннае практыкаванне на скрыпцы.
Дарэчы, і зараз адбываюцца такія ж танцы летам на вуліцы недалёка Ратушы, а ўзімку — у розных закрытых памяшканнях. Цяпер наш гурт называецца капэла «На таку», але разам з танцорамі мы аб’ядналіся ў клуб, які мае назву «Сіта».
З Сержуком Сокалавым-Воюшам
У 2009 годзе нас са Зміцерам запрасілі ў Нью-Ёрк. Аб’яднанне амерыканскіх беларусаў святкавала 60 гадоў сваёй дзейнасці і на імпрэзе з гэтай нагоды хацела бачыць народныя танцы. У Нью-Ёрку адбылося вельмі важнае для мяне знаёмства з Сержуком Сокалавым-Воюшам. Хутка ў нас адбыўся творчы саюз, які матэрыялізаваўся ў цэлы шэраг сумесных праектаў. У прыватнасці, у дыск «Паспеўкі», у якім яго пераклады і аўтарскія тэксты спявала я і мой сын, а напрыканцы тры песні выканаў сам Сяржук. Словам, паспявалі. Таму і «Паспеўкі».
Творчыя кантакты з Сержуком яшчэ больш зрабілі мяне беларускай. Калі раней у розных сітуацыях я яшчэ магла перайсці на рускую мову, то цяпер яна амаль цалкам пайшла з майго жыцця. Размаўляю толькі па-беларуску.
У той жа час вядомы паэт Міхась Скобла прапанаваў падарожнічаць разам па школах у межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі». Маўляў, ён чытае вершы, я — спяваю. За гэтыя гады творчым дуэтам мы аб’ездзілі безліч школаў.
З Міхасём Скоблам
Мабыць, усё папярэдняе было толькі добрай прыступкай да асабістага шляху ў беларускім творчым жыцці, бо потым праекты пайшлі адзін за адным. У 2011 годзе выйшаў мой альбом «Шыпшына». Музычны крытык Вітаўт Мартыненка даўно раіў мне запісаць альбом беларускіх рамансаў — і ён урэшце з’явіўся. Пасля адной з вечарын прагучала думка, што няма нічога для дзяцей музычна-навагодняга па-беларуску. Спачатку я ад гэтай ідэі адхрысцілася, а калі да свята заставаўся месяц, я адчула: трэба зрабіць.
Без сяброў за такі кароткі тэрмін нічога зрабіць немажліва. Дзякуй Вользе Кашэвіч, якая цудоўна грае на фартэпіяна і заўжды адгукаецца на самыя нечаканыя творчыя ідэі. Дзякуй гукарэжысёру Валеру Бяляеву, які нястомна робіць працу за працай, і нашы дыскі растуць, як грыбы. Дзякуй сыну Адасю, які за тыдзень змог вывучыць усе песні, і Лоры Арловай за цудоўнейшую вокладку.
Шчыра кажучы, тады ўсім давялося паднапрагчыся. Нават Юрась Жыгамонт начытаў навагодніх вершаў у студыі, каб песні чаргаваліся вершамі. Так узнік дыск «З Новым годам».
З вершамі звязаны і своеасаблівы працяг той працы. Аднойчы перад выступам высветлілася, што Адась (мы выступаем разам) не вывучыў верш, які яму загадалі вывучыць у школе. Часу, каб гэта зрабіць, не было, і я запісала тэкст верша на дыктафон. Ён шмат разоў яго праслухаў, натуральна, нешта запомніў. Гэта выратавала дзіця ад дрэннай адзнакі.
Праз пэўны час я выпадкова знайшла той запіс — і раптам нарадзілася думка зрабіць дыск з вершаў, якія ў школе задаюць вывучыць на памяць. Ідэя вельмі спадабалася, і мы прыступілі да яе рэалізацыі. Школьныя вершы чыталі вядомыя ў краіне людзі: заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, публіцыст Сяргей Дубавец і шмат хто іншы. А спявак Лявон Вольскі прачытаў два вершы свайго бацькі Артура Вольскага.
На гэты раз ужо вершы разбаўляліся песнямі, тэксты якіх таксама вучацца на памяць. Напрыклад, «Мой родны кут» Якуба Коласа альбо «Зорка Венера» Максіма Багдановіча. Атрымаўся падвойны дыск «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі».
З сынам Адасем і Генадзем Бураўкіным
Цяпер настаўнікі дзякуюць за тое, што Адась некалі не вывучыў верш: у выніку мы зрабілі вельмі патрэбную для беларусаў справу.
Наступны паэтычны дыск таксама прыйшоўся настаўнікам даспадобы. У школьнай праграме шмат вершаў, якія не вучацца, але выразна чытаюцца. Гэтыя вершы і сталіся асновай дыска, яшчэ дадаліся вершы, якія зніклі са школьнай праграмы за апошнія гады. Дыск называецца «Сотня вершаў».
А тое, што многія вершы на дыску чытаюць аўтары, стала падказкай для стварэння наступнай кружэлкі — «Галасы паэтаў».
Гэты праект быў пашыраны, бо акрамя паэтаў сучасных на дыску змешчаны архіўныя запісы галасоў Коласа, Купалы, Куляшова, Вялюгіна, Караткевіча, Панчанкі, Танка, запісы Ларысы Геніюш, Таццяны Сапач, Ніны Мацяш. Агулам шэсцьдзясят галасоў творцаў.
Калі нехта думае, што гэтыя дыскі прыносяць камерцыйны прыбытак, ён моцна памыляецца. Грошы на іх я адкладала са свайго мізэрнага заробку. Сёння крыху дапамагаюць спонсары, але іх дапамога не заўжды пакрывае нават выдаткі.

Услед за марай

Нейкі час я выступала разам з Юркам Габрусем, які прыйшоў у наш хор арганістам і добра спяваў тэнарам. Мой Адась у гэты час дарос ужо да баса, плюс маё сапрана, плюс альт пляменніцы Надзеі Міцэвіч… Заснавалі ансамбль — і гэтым складам давалі канцэрты ў касцёлах, у іншых месцах, але аднойчы на творчай глебе мы паспрачаліся з Юркам: ён сказаў, што мне нестае прафесіяналізму. Дзякуй яму за гэта, бо гэта быў голас з нябёсаў пра тое, што забылася на сваю мару.
Паставілася да гэтага надзвычай сур'ёзна, сабрала кансіліум сваіх дзядзькаў. Алег Іванавіч і Валеры Іванавіч — прафесійныя музыкі — заўжды былі побач, калі патрэбна была парада. Менавіта з таго моманту я аднавіла сур’ёзныя заняткі па вакалу — праз два месяцы наш хор павінен быў спяваць оперу «Паяцы». Я даследавала ўсю інфармацыю пра гэтую оперу, праслухала ўсё, што ёсць у інтэрнэце. З усіх варыянтаў мне найбольш спадабаўся тэнар вялікага Пласіда Дамінга.
Падчас першай рэпетыцыі з аркестрам хор выканаў свае партыі, і нам прапанавалі або заняцца сваімі справамі, альбо пасядзець у залі, паслухаць італьянскага выканаўцу. Я, канешне ж, абрала другое. Так упершыню ў жыцці пачула ўжывую тэнара сусветнага ўзроўню — Франчэска Аніле. Напэўна, Франчэска заўважыў маю цікаўнасць да яго выканання, бо калі на наступны дзень я папрасіла (не ведаючы ні італьянскай, ні англійскай мовы), даць мне ўрокі вакалу, ён пагадзіўся.
Калі некаторыя прадстаўнікі творчай беларускай эліты даведаліся, што я збіраюся вучыцца, яны не разумелі сэнсу. Маўляў, з маім узроўнем трэба не вучыцца, а вучыць. Канешне, гэта падняло самаацэнку, але на першым жа майстар-класе Франчэска астудзіў гэтую пахвальбу, і я зразумела, што гэта толькі пачатак — наперадзе шмат працы.
Нечакана мне зноў пашчасціла. Пры чарговым наведванні Нью-Ёрку па запрашэнні амерыканскіх беларусаў высветлілася, што ў знакамітай «Метраполітэн-опера» ў той жа час выступаюць італьянскія спевакі. З дапамогай Франчэска Аніле я патрапіла туды і пазнаёмілася з самім Пласіда Дамінга... Мары спраўджваюцца!
З Пласіда Дамінга
Але самая вялікая мара яшчэ застаецца, яна лейтматывам праходзіць праз усё маё жыццё, не даючы прыпыніцца, адчыняе ўсё новыя і новыя прасторы. Оперныя спевы. Спевы, у якіх працуюць творцы найвышэйшага прафесійнага гатунку. Таму заняткі вакалам і самаўдасканальванне працягваюцца і будуць працягвацца ўсё жыццё. (Зараз дзеля гэтага асвойваю новы для мяне інструмент — трубу, якая лепей дапаможа разабрацца з асновамі дыхання).
З Алесем Матафонавым мы, па маладосці, па неабачлівасці, разышліся. Адасю было толькі тры гады. Я заставалася па-ранейшаму Матафонавай, не хацела розных з сынам прозвішчаў. Карыстацца ж дзявочым стала дзякуючы парадзе Сержука Сокалава-Воюша. Ён заўважыў: «Грыневіч гучыць больш па-беларуску».

https://novychas.by/asoba/mary-taccjany-hrynevicz


Крыжовая школа шаблi XVII -XVIII стст. / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Крыжовая школа шаблi XVII -XVIII стст. - сучасная рэканструкцыя.

Тэхнiка валодання шабляй сфармаваная ў жорсткiм 17- м веку на абшарах  

Найяснейшай Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў - Кароны Польскай і Вялікага Княства 

Літоўскага i абсалютна страчаная разам з яе занепадам. У сучасных практыкаў-

дасьледчыкаў з розных краiн няма аднолькавага погляду наконт яе выгляду. 

Што атрымалася зрабiць нам вы убачыце на прэзентацыi. 

Шаблi ў далонь, Панове!!!



Выкананне: Вадзім Карповiч i Вадзім Алейнiк (Менск)

У праграме: 

Пастановачны бой (Галоўная заля) 

Майстар-клас (Рыцарская зала)


Дакладны расклад глядзіце ў праграме.
https://www.facebook.com/events/144916786207265/
Здымак Pavel Devgout

На здымку: В.Алейнiк і В.Карповiч




Відэа з фестываля ДАХ , які адбыўся на радзіме Тадэвуша Рэйтана , у Грушаўцы , у 2017 годзе.

https://www.facebook.com/vadzim.karpovich/videos/680158338856905/

https://www.facebook.com/vadzim.karpovich/videos

Музыка Алесь Лось з лірніцкімі спевамі / 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

Image result for Алесь Лось  ліра

Знакаміты беларускі музыка і даўні сябра Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана,  спадар Алесь Лось,   падтрымае наш фестываль выступам  са спевамі пад колавую ліру!! 


Фестываль сучаснага мастацтва ДАХ-XXIX
Алесь Лось на фэсце ДАХ у Грушаўцы, на радзіме Тадэвуша Рэйтана


Алесь Лось нарадзіўся 13 верасьня 1958 года. Бацька Уладзімір сын Васіля, маці Ларыса дачка Мікалая з роду Петручук-Карпінскіх-Ваніцкіх.
1973 — 1977 г. — вучыўся ў мастацкай вучэльні імя Глебава ў Менску.
З 1977 г. — студэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пачаў цікавіцца архіялёгіяй і этнаграфіяй, у 1977-1980 гг. браў удзел, як мастак, у даследаваньні гарадзішча Мацкавічы пад кіраўніцтвам архіёляга Л. Дучыц. У 1978-1979 гг. прымаў удзел у рэстаўрацыі фрэсак Мсціслаўскага касьцёла кармелітаў пад кіраўніцтвам рэстаўратара У. Ракіцкага. З 1982 г. разам з Яўгеніяй Ліс пачаў займацца рэканструкцыяй старажытнага лялькавага батлеечнага тэатра. Багата езьдзіў у этнаграфічныя экспедыцыі, вывучаючы народныя тэхнікі ігры на скрыпцы, цымбалах, бубне, жалейцы, натаваў народныя танцы. Пачаў зьбіраць матэрыялы па беларускай дудзе і рабіць першыя крокі па стварэньні гэтага інструмэнта.
У 1983 г. — скончыў вучобу ў інстытуце на мастацкім аддзяленьні, атрымаўшы дыплём мастака-графіка. На абароне дыплёма разам з Яўгіняй Ліс паказаў батлейкавае прадстаўленьне «Цар Ірад», дапамагаў Хведар Кашкурэвіч, тады студэнт першага курсу манументальнага аддзяленьня інстытута.
1983 г. — пераехаў разам з сям’ёю з Менску ў в. Зарудзічы Смаргонскага р-на. У плянах было стварыць у кальвінскім зборы г. Смаргоні музэй-тэатар батлейкі (на той час храм быў складам). Ідэя стварэньня музэю належала калектыву Белрэстаўрацыі пад кіраўніцтвам А. У. Хадыкі.
1983—1985 г. — служба ў войску.
1986 г. — персанальная выстава графікі і жывапісу, разам з Я. Ліс у Смаргоні; ішла праца па стварэньні тэатральнага рэпертуару для калектываў дарослага і дзіцячага, лялькавага тэатра «Батлейка» ў вёсцы Залесьсе. У гэтым жа годзе тэатар «Батлейка», пад кіраўніцтвам Яўгеніі Ліс (рэжысёр-пастаноўшчык) і Алеся Лася (мастак-пастаноўшчык і музыка) атрымаў ганаровае званьне «Народны».
1987 г. — тэатар «Батлейка» бярэ ўдзел у міжнародным фестывалі драматычных і лялькавых тэатраў у г. Вільяндзі (Эстонія), дзе за аднаактавы спектакль»Цар Ірад» атрымаў І месца за найлепшую пастаноўку сярод лялькавых тэатраў на фестывалі.
Увосень гэтага года зрабіў сваю першую ліру.
1988 г. — тэатар (дарослая трупа) выязджае на гастролі ў Чарнобыльскаю зону. Выступае па маршруце — Брагін-Хойнікі-Нароўля-Малінаўка, пасля выступаў тэатру перад дзецьмі школаў закрытага тыпу і вяскоўцамі ладзяцца вечарыны народных танцаў. Спектаклі і канцэрты народнай музыкі ладзяцца для ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы (Паўночна-Каўказскі і Уральскія палкі, якія кватэраваліся ў вялікіх намётах у адлегласьці 8 км ад атамнай станцыі).
У гэтым годзе прыняты ў прафесійны Саюз мастакоў Беларусі, апрача тэатру і этнаграфіі, актыўна працаваў як мастак графік, удзельнічаў у шэрагу выстаў у Беларусі і за яе межамі.
1989 г. — разам з сябрамі-аднадумцамі (Верамейчык С. І., Астравух А. М. і Ліс Я. Я.) стварылі праект па адкрыцьці ў палацы М. К. Агінскага, што ў Залесьсі, Школы мастацтваў імя М. К. Агінскага. Праект быў падтрыманы Міністэрствам культуры і адукацыі. Пачалася актыўная праца па рэстаўрацыі будынка палаца і заняткі з дзецьмі па тэмах музыкі, тэатру і мастацтва. У сувязі з «перабудоваю», у 1991 г. скончылася фінансаваньне школы — і праца спынілася.
1990 г. — у Віцебску разам з вядучымі этнографамі, інструмэнтазнаўцамі, прафэсійнымі майстрамі клясычных і народных інструмэнтаў Беларусі прымаю ўдзел па стварэньні Музычнага таварыства Беларусі пры Міністэрстве культуры Беларусі. Вёў працу па тэме «Народная скрыпка, ліра, дуда, жалейкі, дудкі» (школа ігры, эргалёгія, кансультацыі па вырабы інструмэнтаў на абшары усёй краіны). Прымаў удзел у першай на Беларусі выставе народных інструмэнтаў, выставу шыкавала прафесар-інструмэнтазнаўца І. Дз. Назіна.
1991 г. — на замову Міністэрства культуры Беларусі разам з Я. Ліс і калектывам мастакоў-рэстаўратараў (Г. П. Калнін, О. Ю. Аттас, Л. П. Асеньні) выканалі копію магілёўскай батлейкі 19 ст. з камплектам лялек для філіялу музэю М. Багдановіча.
1991 г. — пачаў супрацоўнічаць з фундацыяй «Muzyka kresow» (Польшча), выступаў з рэфератамі і навукова-дасьледчымі працамі па тэмах: эргалёгіі, рэпертуару, рэканструкцыі жанру ў кантэксце абрадава-сакральнага ўжываньня беларускіх народных інструмэнтаў — ліры, дуды, скрыпкі, жалейкі, бубна. У траўні 1991 г. — выступіў разам з Хв. Кашкурэвічам, які ў той час быў маім вучнем па вырабе дудаў, у Вільні на фэстывалі «Skamble kankles». Мы ўпершыню зайгралі на дзьвюх дудах, дуэт меў назву «Крыўе», пазьней гэту назву прадублявалі іншыя музыкі. На сьвятой Віленскай гары Трох крыжоў пасьля фэстывалю мы з Хведарам цэлы вечар гралі на дудах, і там нам прыйшла ідэя ладзіць свае дудовыя фэсты на Беларусі.
1992 г. — выступ тэатру «Батлейка» (А. Лось, В. Доўнар) у Парыжы, у Сан-Трафіма, на фэстывалі лялькавых тэатраў і выставе лялек. Выступы тэатру ў Варшаве.
1993 г. — прыняты ў прафэсійны Саюз мастакоў Польшчы. Працаваў як мастак-графік і жывапісец, удзельнічаў у творчых пленэрах, рабіў дуды і ліры, працаваў над рэпертуарам гэтых інструмэнтаў.
1993 г. — з блаславенства мітрапаліта аўтакефальнае царквы Польшчы, Яго Эмінэнцыі Базылія, працаваў у галіне сакральнага жывапісу і інтэр’еру на Беласточчыне (Польшча). За працу над стварэньнем іканастасу ў царкве Св. Мікалая ў в. Чыжы, Беластоцкага ваяводства, быў узнагароджаны разам з В. Доўнарам, які дапамагаў у працы, ордэнам Св. Марыі Магдалены. Супольна з В. Доўнарам выканалі праектныя працы і напісалі абразы да іканастасаў царквы ў Чарнай Беластоцкай -1994-95 г., галоўны іканастас царквы Сьвятога Духа ў Беластоку, другі іканастас быў выкананы супольна з Хв. Кашкурэвічам ў 1998 г., з яго дапамогаю быў створаны іканастас царквы Успенія Маці Божай у Бельску Падляскім ў 1998-2000 г.
1996—97 г. — працаваў над іканастасам царквы ў м. Грудэк. У працы дапамагалі Уладзімір Лось, мой сын, мастак Барыс Цітовіч з сынам Данілаю, гісторык Алесь Краўцэвіч, музыка Януш Прусіноўскі.
1998 г. — удзельнічаў у творчым праекце «Mitologii Gornej» (аўтар Франсуа Мане, Францыя). Мэта праекту — стварыць музычны спэктакль па тэмах Калевалы і старажытнай грэцкай міталёгіі. Удзельнікі — творчыя маладыя людзі, акторы, балярыны, музыкі, мастакі з Галяндыі, Францыі, Італіі, Польшчы, Турцыі, Беларусі. Пастаноўка спектаклю праходзіла ў Эклізіі (Турцыя). Рэжысура музычнай часткі — Алесь Лось, Януш Прусіноўскі. Спектаклі паказваліся ў старажытных грэцкіх храмах Зэўса, Апалона, Артэміды на тэрыторыі Турцыі і Грэцыі.
1999 г. — творчы пленэр па мастацкім вырабе ручной паперы «Хартията» ў Кранева (Балгарыя). У гэтым жа годзе набыў хутар «Барок». Персанальная выстава графікі і ручной мастацкай паперы у г. Полацку.
1999—2001 г. — экспедыцыі па дударскіх мясьцінах Беларусі. Разам з Хв. Кашкурэвічам сфільмавалі каля 17 гадзінаў унікальнага матэрыялу пра дудароў Полаччыны, Лепельшчыны, Віцебшчыны. Знайшлі працоўню і фрагмэнты дуды Хведзькі Сьцеся. На гэтых матэрыялах планавалася стварыць фільм пра беларускія дуды. (Тэма дагэтуль адкрытая. Я адлічбаваў частку стужак, і для сумеснай працы па стварэньні фільма запрашаю ўсіх, каго цікавіць тэма дудаў і дудароў нашае зямлі ў кантэксьце этнаграфіі, гісторыі, музыкі, традыцыяў і абрадаў). У гэты ж час супрацоўнічаў з кафедрай беларускай культуры аддзяленьня Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку. Разам са студэнтамі ладзілі экспедыцыі па старых беларускіх вёсках Беласточчыны, праводзіў майстар-клясы па беларускіх народных танцах. Мне дапамагалі: Света Конева, Агата Адамкевіч (Польша), Юзэф Міхалоўскі, Хведар Кашкурэвіч.
2000 г. — супольны творчы праект «Музыка Дзядоў», зьвязаны з народнай музыкай Польшы і Беларусі. Прайшлі канцэрты ў Варшаве (Агата Адамкевіч — цымбалы, скрыпка; Пётр Пішчатоўскі — скрыпка, бас, акардэон, бубен; Алесь Лось — скрыпка, дуда). У Беларусі канцэрты прайшлі ў Менску, Полацку, Гародні, да капэлі далучыліся Юзэф Міхалоўскі — акардэон, бас; Хведар Кашкурэвіч — дуда.
2001 г. — творчы пленэр на маім хутары ў межах праекту «Прошча». Тэмы майстар-клясаў: ткацтва паясоў па старажытных тэхналёгіях, вырабы з цэглы і абпальваньне архаічных свістковых інструмэнтаў, навука народных танцаў, вывучэньне народных тэхнік ігры на скрыпцы і дудзе, выраб ручной паперы па сярэднявечных тэхналёгіях. У майстар-клясах удзельнічала творчая моладзь з Латвіі, Польшчы, Беларусі.
2002 г. — праца над запісам СD альбома «Сьпяваная паэзія Ларысы Геніюш». У апрацоўцы запісанага матэрыялу дапамагаў Ю. Міхалоўскі. Дзякуючы С. Панізьніку, які прадаставіў свае архіўныя запісы з голасам Л. Геніюш, на дыску ўпершыню прагучаў верш, які чытае сама паэтка.
2003 г. — вядзецца работа над запісам CD альбома «Ліра», дзе лірніцкія псальмы і канты пад выкананьне ліры калёснай, традыцыі старчаства, упершыню былі акрэсьленыя як жанр у народнай музыцы Беларусі.
2004 г. — разам з музыкамі маёй капэлі (Ганна Харчанка — скрыпка, віяланчэль, басэтля; Марына Калечыц — народныя цымбалы) запісваем альбом «Смыковая музыка» па матэрыялах, сабраных у экспедыцыях.
2005 г. — выходзіць у сьвет CD альбом «Musika Incognita»: гэта спроба на невялікім адцінку часу паказаць багацьце і разнастайнасьць музычна-інструмэнтальных традыцыяў нашага краю. У запісу браў удзел новы музыка капэлі спадар Юры Рымашэўскі, выбітны кантрабасіста і трубач, а таксама таленавітая скрыпачка, мая вучаніца, Вольга Шульпянкова.
2006 г. — мая капэля выступае на розных фольк-фэстах, дае канцэрты ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Беларусі. Дзякуючы маім амэрыканскім сябрам, асабліва спадарыне Даян Макдональд, наведаў Злучаныя Штаты, дзе разам з калегамі музыкамі і навукоўцамі з Беларусі мы пазнаёміліся з калекцыямі музычных інструмэнтаў фондаў найбуйнейшых музэяў краіны, з працаю найлепшых студый гуказапісу, з формамі фінансаваньня розных культуралагічных і творчых праектаў.
2007 г. — працаваў выкладчыкам у Акадэміі культуры (былы Інстытут культуры), выкладаў тэму «Народны інструмэнт» з надзеяю стварыць пры Акадэміі лабараторыю па дасьледаваньні народных інструмэнтаў, але хутка надзею згубіў…
2008 г. — удзельнічаю ў праекце «Рада» /аўтар Васіль Грынь/. Разам выдаем альбом «Рада», выступаем з канцэртамі, прымаем удзел у фольк-фэстывалях.
2009 г. — жыву і працую на хутары «Барок», месцы, дзе можна шмат чаму навучыцца, добра папрацаваць і адпачыць, месцы, дзе заўжды рады харошым людзям.

Праект "Dzivasil Trio" 17 лютага на фестывалі "РЭЙТАН" (ДАХ)

D Z I V A S I L - сапраўдная магія формаў і гукаў. Палёт вобразаў і тонкіх адценняў нот ... 

Гэты унікальны беларускі праект, 

які аб'яднаў музыку ў напрамку #Ambient #Indie #Chillout #Meditative #downtempo, 

шырока вядомы ў вузкіх колах, аднак аказвае істотны ўплыў на сучасную беларускую

альтэрнатыўную музычную культуру.


Ён стварае тое таямніча-змрочныя, то пранізліва яркія музычныя карціны, напоўненыя 

гучаннем этна-духавых інструментаў і чароўнага вакалу салісткі UNA, які лунае над 

зачаравальнай, мудрагелістай вяззю гітарных хітраспляценняў АНДРЭЯ Малаковіч і

балансуе на пульсавалых рытмах чатырох стыхій перкусіі Раман Цябута ...



https://www.facebook.com/DzivasilTrio/

https://soundcloud.com/dzivasil